ПА́ШПАРТНАЯ СІСТЭ́МА,

сукупнасць правіл, якія рэгулююць парадак уліку і перамяшчэння насельніцтва пры дапамозе ўвядзення адзінага дакумента, што сведчыць асобу, — пашпарта. Упершыню П.с. ўведзена ў СССР пастановай ЦВК і СНК 27.12.1932. Асн. прынцыпы, якія выкладзены ў палажэнні аб П.с., зацверджаным пастановай СМ СССР 28.8.1974, захоўваюцца ў некаторых краінах СНД, у т. л. ў Рэспубліцы Беларусь. Парадак пашпартызацыі насельніцтва Беларусі рэгламентуецца адпаведным палажэннем, зацверджаным пастановай урада Рэспублікі Беларусь ад 14.7.1993 і ўнесенымі ў яго наступнымі зменамі і дапаўненнямі. Пашпарт пэўнага ўзору і зместу належыць прапісцы па месцы жыхарства грамадзяніна. Кантроль за выкананнем патрабаванняў П.с. ўскладзены на органы міліцыі. Парушальнікі П.с. прыцягваюцца да адм. адказнасці.

Г.​А.​Маслыка.

т. 12, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)